Уроки писательства и жизни от белорусского поэта Алеся Каско

страхование
Алесь Каско. Фото Алеся Поплавского

Материал о том, как пересекались наши творческие пути с Алесем Каско и какие уроки в писательстве он мне преподал, я написала еще в конце ноября 2021 года. По просьбе жены покойного поэта, Людмилы. Редакция газеты «Сельская праўда» по каким-то причинам со мной не связалась, и я решила, что, скорее всего, статья не подошла по формату. А сегодня, подбирая публикации для портфолио, наткнулась на публикацию от 10.12.2021.  Размещаю в своем блоге, чтобы не потерять. Тем более, в своем архиве нашла несколько фото с мероприятий, где побывала вместе с Алесем. 

Алесь Каско: “Творца сам выток і вынік…”

Пісьменнік, журналіст, рэдактар, перакладчык. Зямляк. Ён для мяне — глыба ў творчасці. Калі задумаланапісаць пра Алеся Каско, спачатку сумелася: ці не занадта вялікую адказнасць на сябе ўзваліла? Аднак прамаўчаць не магу: 10 снежня таленавітаму сучасніку магло б споўніцца 70 гадоў. Мае ўспаміны, спадзяюся, дададуць некалькі штрыхоў да Алесь Каскояго вобраза.

Алесеў “Яблыкапад”

Усё, што першае, запамінаецца назаўсёды. Алесь Каско не аднойчы добрым словам згадваў свайго настаўніка Міколу Купрэева, які першым заўважыў у вучні Чудзінскай школы (Ганцавіцкага раёна) іскру таленту і некалькі яго вершаў даслаў у «Чырвоную змену». А для мяне такім добрым анёлам стаў сам Алесь Канстанцінавіч: ён першым апублікаваў мае вершы ў абласной газеце “Заря”, а галоўнае, сказаў падбадзёрваючае: “Ты пішы, у цябе атрымаецца”. Ці ўсведамляў тады добры чалавек, як гэтыя словы былі патрэбны няўпэўненай у сабе маладой асобе?

Пасля я з радасцю ляцела ў бібліятэку, Дом культуры на творчыя імпрэзы ў гонар ці ў памяць землякоў, дзе, ведала, будзе і Алесь (так ён прапанаваў называць сябе). І ён неяк па-бацькоўску лагодна распытваў, што новага ў жыцці, ці пішу вершы.

Аднойчы, пасля ўшанавання памяці Міхася Рудкоўскага, Алесь запрасіў у госці ў Чудзін некалькіх сваіх знаёмых паэтаў і… мяне. Так я трапіла ў дом, пра які паэт многа і цёпла пісаў у сваіх вершах. А галоўнае, зноў-такі ўпершыню ў жыцці, апынулася ў творчым асяродку пісьменнікаў. У той вечар Алесевы госці шмат разважалі пра мову, мастацтва, пісьменства і месца творчага чалавека ў свеце.

Але найбольш запомнілася мне сустрэча з Алесем на прэзентацыі яго кнігі “Нічога больш”, якая прайшла ў ганцавіцкім кінатэатры “Маладосць”. Да яе мы з мужам рыхтаваліся загадзя: некалькі дзён гарталі туды-сюды новенькі зборнік, закладвалі старонкі — і ніяк не маглі вызначыцца з вершам для песні. Георгій перабіраў струны гітары, намацваючы мелодыі. Ды ўсё было не тое. Мы толькі здзіўляліся глыбіні твораў, любаваліся вобразамі, метафарамі. Урэшце пачалі нават сумнявацца, ці хопіць нашых здольнасцяў, каб праз музыку перадаць перажытае паэтам. Пакуль не натрапілі на верш “Яблыкапад”. Ен аказаўся лірычным, блізкім нам па змесце, рытмічным. І мелодыя напісалася лёгка — быццам ужо існавала, а нам заставалася падхапіць яе і зафіксаваць.

У той красавіцкі дзень у зале сабралася шмат сяброў і прыхільнікаў творчасці Алеся, які расхваляваўся, расчуліўся ад сардэчных слоў у свой адрас.

Хваляваліся не менш і мы з Георгіем, калі спявалі песню: “…Дык і сыходзіць (і я разам з ім) / яблык за яблыкам — крокам глухім”. Дарэмна хваляваліся: Алесь ізноў падтрымаў. Як і яго сябра, які ўключыў песню ў сваю перадачу “Край з Міколам Пракаповічам”. Тады мы з мужам яшчэ не ведалі, што сустракаемся з жывым Алесем Каско ў апошні раз.

kasko_loktysh
2-й ряд слева направо: Алесь Каско, я и Алексей Голоскок, поэты Ганцевщины.

Матыльковы цуд

Пра вечнае, сутнасць жыцця і непазбежнасць адыходу Алесь пісаў не ў адным “Яблыкападзе”, у розных творах пакінуў свае роздумы. У адным з інтэрв’ю нават заўважыў пра смерць: “А спакойна ўспрымеш тады, калі да канца пражывеш, што табе наканавана”. Паэт, з яго пранікнёнасцю, відаць, адчуваў, што яго час выпраўляцца “дадому” настае.

Для мяне ж вестка, што Алеся Каско не стала, была громам сярод яснага неба. У штодзённай мітусні жывеш з адчуваннем, што яшчэ шмат часу ў загашніку, каб сустрэцца, пагаварыць, распытаць аб тонкасцях прафесіі ў майстра. А няпоўныя 66 гадоў — хіба ўзрост, каб развітвацца з жыццём?! Аднак у Сусвету іншы расклад. І завярэдзілі розум іншыя думкі: што ўсё мае свой фінал і абарвацца можа ў любы момант. І я адправілася ў Жабінку, каб правесці ў апошні шлях годнага сына нашага краю, слыннага пісьменніка, творчасць якога, на маю думку, пакуль засталася недаацэненай.

У тую нядзелю, 26 лістапада, восень ужо рыхтавалася перадаць паўнамоцтвы зіме. Было даволі холадна, хаця сонца раз-пораз выглядвала з-за хмар — быццам хацела развітацца з чалавекам, які так хораша распавядаў пра яго і навакольны свет. Нават адзін з дзіцячых зборнікаў Алесь назваў “Два сонцы”, і ён, між іншым, стаіць на маёй кніжнай паліцы з аўтографам паэта.

Пэўна, сонца і разбудзіла матылька, які лётаў на могілках сярод натоўпу людзей, што прыйшлі правесці Алеся Каско ў апошні шлях. Хтосьці заўважыў: не іначай, душа яго самога ў выглядзе матылька — ён побач, з намі. А як інакш можна вытлумачыць гэты цуд — матылёк напярэдадні зімы?! Магчыма, Алесь не толькі вершамі, прапітанымі балючай жыццёвай праўдай, але і такой сваёй прысутнасцю хацеў пакінуць надзею: мы адыходзім, але душы нашы вечныя. Ён жа і сам пісаў у вершы “Ужо выпростваецца шлях…”, “…жыў неабвержнай праўдай тою, / што шлях бясконцы — за мяжою, / але кароткі — да мяжы”.

Михась Скобла, ? , Алесь Каско. Во время презентации сборника "Трохперсце".
Михась Скобла, ? , Алесь Каско. Во время презентации сборника «Трохперсце».

Там, дзе водар празрыстых антонавак

У кожнага свой набор каштоўнасцей. Чым больш іх супадае, тым прасцей лю-дзям размаўляць і разумець адзін аднаго. На адной мове з Алесем размаўляюць тыя, хто па-сапраўднаму любіць Радзіму, яе мову і блізкіх людзей.

Няма нідзе мацнейшай веры і памяці чысцейшай, чым у роднай вёсцы…” — пісаў паэт. Край, дзе нарадзіўся, заўсёды заставаўся для яго самым дарагім месцам на зямлі, тут ён чэрпаў вобразы і сілу: “Вярнуўся ў кут продкаў шукаць сваё сэрца…” (“Фрагменты”). Сюды вабіў яго дом і сад “з водарам празрыстых антонавак, груш, вінаграду”, на роднай зямлі, прызнаваўся, яго прымалі так цёпла, як нідзе больш.

А ў мілым сэрцу Чудзіне сына заўсёды чакалі бацькі. Алесь паказаў іх у творах простымі, зямнымі людзьмі: вось матуля гатуе любімую страву сына, вось бацька капрызнічае, стомлены хранічным болем. Ад гэтых знаёмых малюнкаў жыцця і побыту яшчэ шчымлівей успрымаюцца жыццёвыя высновы паэта, накшталт “Пакуль жывыя бацькі — ты малады…” (“Чудзінскі дзённік”). Ці не пасля такой высновы хочацца абагавіць блізкага чалавека? Каб працягнуць яго існаванне на зямлі. І вось ужо звычайная вясковая жанчына — матуля здаецца “мадоннай” каля “глыбокага акна”, над якой кола месяца “залаціцца чысцінёю, быццам німб над галавой”. Яно і зразумела: бацькі жыццёвым вопытам і мудрасцю пераўзыходзяць сваіх дзяцей. “Ты ж ведаеш, як трэба жыць,/ А я ўсяго — як жыць не трэба”, — пісаў Алесь у вершаваным звароце да матулі.

Перачытваю радкі яго вершаў з асалодай: так можа пісаць толькі чалавек, у вялікім сэрцы якога жыве сапраўдная, шчырая любоў да Бацькаўшчыны і яе мовы. Сам ён карыстаўся беларускай мовай напоўніцу. Выгадаваны сярод раскошных лугоў і шматвекавых лясоў, Алесь увабраў у сябе моўную спеўнасць, мілагучнасць і самабытнасць. Адсюль столькі незашмальцаваных, яркіх і моцных параўнанняў, эпітэтаў, метафар, вобразаў, якія шчодра раскіданы па вершах: “Лёсы сплятаюцца, бы карані” (“Берасце”), “Ноч не ўтрымаецца за вецце, /за мокры дах — і ападзе…” (“Кругабег”), “Стрэлкі-нажніцы / рэжуць і рэжуць на стужкі / нябачную тканіну часу” (“Дзень народзін”)…

Згадваю, як упершыню прачытала верш “Пераадоленне”. Маланка “апаліла душу і ў ёй засталася… забуду цябе! / Вярну маланку небу”. Я ўявіла сабе Алеся, падобнага на Перуна, які, разгарнуўшы плечы, упэўнена закідвае маланку на неба. Вобраз настолькі ўзрушыў мяне, што не змагла ўседзець на месцы: адклала ўбок кнігу і доўга хадзіла туды-сюды. Спрабавала зразумець: як можна так напісаць, чалавекам з якім светаўспрыманнем трэба быць, каб мысліць так глабальна?

І сёння, чытаючы вершы Алеся, не спяшаюся, даю сабе час паўней уявіць і ўсвядоміць прачытанае. Нахутка праглядваць яго творы немагчыма, яны патрабуюць асаблівага настрою, уніклівасці ў кожнае слоўца. Толькі так можна наталіцца прыгажосцю мовы, стылю і думак паэта, пранікнуць у яго роздумы над вечнымі тэмамі жыцця і смерці, доўгу і здрадніцтва, вернасці і дробнасці — і ўзвысіць свой дух.

Іншы раз увогуле думаю, што так пісаць звычайны чалавек не можа, хіба толькі ўлюбёнец Неба, рукой якога водзіць Бог. Алесь і сам, відаць, адчуваў гэтую Божую іскру ў сабе, нездарма напісаў: “Травою быў — а нехта ў небе сінім сказаў: адчуй свой боль і стань мне сынам”.

Слева направо: Алесь Каско, ?, Алексей Голоскок.
Слева направо: Алесь Каско, ?, Алексей Голоскок.

“О лёс мой, выказацца дай…”

…Усё вазьмі і толькі сэрца пакінь і выказацца дай”, — самаахвярна просіць Алесь Каско ў вершы “О лёс мой, выказацца дай”. І робіць усё, каб выканаць місію на зямлі. Пры гэтым карыстаецца прынцыпамі, якія, лічу, павінны стаць пажыццёвай праграмай для кожнага пісьменніка, а па сутнасці, любога творцы ў любым мастацтве.

✍🏻Быць сумленным у творчасці.

Наколькі пісьменнік сумленны, чытач разбярэцца хутка, бо, як заўважыў у адным інтэрв’ю Алесь, “кожны творца выказвае праз слова перш за ўсё сябе”. Так, аўтары, гатовыя фальшывіць, паступацца сумленнем і ўласнымі каштоўнасцямі, або тыя, хто ад роду не ўмеў раздзяляць дабро і зло, магчыма, і могуць пісаць тэксты прафесіянальна, толькі іх творам не вызначыцца высокімі духоўнымі і мастацкімі вартасцямі. Драбнаватая асоба не створыць вялікага, Бог пра гэта паклапаціўся.

Алесь, паводле яго ж слоў, “ніколі не крывіў душой, і ў жыцці, і ў паэзіі быў сумленным”. У адным з вершаў ён нават катэгарычна падкрэсліваў: “Я не прыму фальшывай пазалоты…”.

Сапраўды, у пакінутай ім спадчыне не знайсці хвалебных одаў, вершаў-аднадзёнак на патрэбу дня ці нечага наноснага, сумніўнага. Затое ў кожным творы адчуваецца штосьці сапраўднае, глыбокае, што вярэдзіць душу — бо і сам пісьменнік кожную думку прапускаў праз свае розум і сэрца. І ўсё напісанае паэтам выдае ў ім моцнага духам чалавека, здольнага на сапраўдныя ўчынкі. Але адначасова й таго самага “сівога мастака”, што як дзіця (верш “Адзінота — асалода?…”), умее шырока адкрытымі вачыма глядзець на свет і знаходзіць важнае нават у дэталях і дробязях.

Найбольш ёмка і дасціпна Алесь расказаў, што значыць для яго быць творцам, у гэтым чатырохрадкоўі:

Творца сам выток і вынік,
каб душу — ці быць, ці не! —
з фарбамі змяшаць і выняць
ды распяць на палатне.

✍🏻Быць патрабавальным да якасці твораў

На мой погляд, гэты пункт цяпер набывае асабліва важкае значэнне. У век інтэрнэту і самвыдата за год ствараецца столькі тэкстаў, колькі, напэўна, раней не пісалася за дзесяцігоддзе. У плане канкурэнцыі гэта не дрэнна. Аднак у моцным пісьменніцкім свербе далёка не ўсе зважаюць на аўтарскую і рэдактарскую праўкі, на тое, што якасць тэкста паказвае, наколькі паважае аўтар сябе і свайго чытача.

У адным з аглядаў творчасці маладых аўтараў Алесь пісаў: “Недакладна ўжытае слова, неахайна пабудаваная фраза, створаны з прэтэнзіяй на шматзначнасць і арыгінальнасць вобраз, звычайны аўтарскі недагляд часам і ў добрым вершы робяцца з’явай камічнай”. І нават збіраў графаманскія “перлы” — “не каб пакпіць, а каб дапамагчы ўбачыць падобныя ў вершах аўтараў, якія зацікаўлены пісаць лепш”.

Сам Алесь працаваў над кожным радком і кожным слоўцам, дабіваўся максімальнай дакладнасці, яснасці і мастацкай вытанчанасці ў сваіх вершаваных, празаічных творах і ў перакладзеных. Толькі выпеставаныя радкі выходзілі “ў людзі”.

✍🏻Кожная наступная кніга па мастацкіх вартасцях павінна пераўзыходзіць папярэднюю.

Гэты свой прынцып пісьменнік увасоб-ліваў у жыццё ва ўласных зборніках паэзіі і прозы. Тое, што ён не спяшаўся выдаваць іх адзін за адным, відаць па гадах выхаду кніг у свет. Пэўна, браў час, каб дадумаць, давесці творы да ладу, дапрацаваць і саму кнігу. Затое кожная наступная з іх — адкрыццё для чытача, магчымасць зірнуць праз шчылінку на тое, як час і выпрабаванні выкрышталізоўваюць душу асобы і творцы.

Во время презентации сборника "Трохперсце" в Ганцевичской районной библиотеке".
Во время презентации сборника «Трохперсце» в Ганцевичской районной библиотеке».

Замест эпілога

…Алеся Канстанцінавіча Каско няма сярод жывых. Ды на Ганцаўшчыне, акрамя памяці людской, застаўся ліст з яго імем — не з паперы, а з металу. Помнік стаіць у цэнтры горада на так званай Алеі пісьменнікаў, дзе змясціліся лісты з прозвішчамі таленавітых творцаў краю.

Калі прыязджаю з Мінску дамоў, завітваю сюды. Гэта сапраўднае “месца сілы” для творчых людзей. Тут я быццам здаю экзамен перад старэйшым сябрам. Што напісала за мінулы час, ці не забыла мову, якімі жыццёвымі высновамі папоўніла “творчы калодзеж”? Мысленна адказваю, разважаю, дзялюся перажытым. І нават калі невыносна цяжка, падмацоўваюся Алесевым адчуваннем “…калі з’явіўся ты, дык, значыць, ты зямлі сваёй патрэбны” і мудрым пажаданнем нашчадкам:

У гэты час імклівы
не клянч і не кляні,
ты проста будзь шчаслівы
ў любві і дабрыні.

Фота ўтара, з архіва аўтара і Алеся Паплаўскага

Светлана Локтыш

Преподаватель. Журналист. Тренер. Консультант.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *