Вершы. Слова на дарогу

Подрастают дети и родителей оставляют. У них начинается своя самостоятельная жизнь. Таков закон природы. Вот и двое моих сыновей уже заканчивают вузы, домой приезжают редко. Взрослые, самостоятельные. Мужчины.
И только старые фотографии, воспоминания и стихи могут вернуть нас в старые добрые времена…
когда Артемка мог сложиться буквой V в ведре с краской… Когда Антошка мог забраться в небольшую дырочку деревенского курятника и там «воевать» с ошалелой птицей…
—————————
Дзеці падрастаюць і пакідаюць бацькоў. У іх пачынаецца сваё самастойнае жыццё. Такі закон прыроды. Вось і мае два сыночкі ужо заканчваюць ВНУ, дамоў прыязджаюць зрэдку: вучоба, работа. Дарослыя, самастойныя. Мужчыны.
І толькі старыя фотаздымкі, успаміны и вершы здольны вярнуць нас у тыя часы, калі Арцёмка мог скласціся літарай V у вядры з фарбай, а Антошык – залезці ў невялікую дзірачку вясковага куратніка і там “ваяваць” са збянтэжанай птушкай…
Святлана ЛОКТЫШ
СЫНОЧКУ
Скажы “агу”, маленькі мой,
Пакліч мяне прыгожа “мама”.
Матуля вучыцца з табой
На свет глядзець адкрыта, прама.
Хадзіць мы будзем – тупу-туп,
Адною ножкаю, другою.
І крок за крокам – мы удвух,
Матуля вучыцца з табою.
Падрос – ніжэйшай стала столь:
Крычыш мне “сам!”, забаўны, жвавы.
Ды разам блытаем парой,
Дзе левы туфель, а дзе – правы.
У першы раз – у першы клас:
Сядзіш ты ўжо за школьнай партай.
З табой я думкамі ўвесь час,
Таму і слёзак ліць не варта.
А дома – мова і сусвет,
І матэматыка з англійскім.
Вучыла гэта я ці не? –
Знаёмлюся з далёкім блізкім.
Ты хутка вырасцеш, сынок,
І станеш сам сур’ёзным татам,
А на матуліну любоў,
Як і цяпер, будзеш багатым.
Пяшчота мамы для цябе
Няхай паслужыць амулетам –
Душа ў суладдзі расцвіце
З людзьмі, сабою і Сусветам.
ПАМОЧНІК
У доме нашым робіцца рамонт,
Малы ж Арцёмка – дзе толькі не лазіць!
Запомніў нават шэры Васька-кот,
Што “Цёма мазіць”, “Цёма будзе касіць”.
Ён з пэндзлем у руцэ папрацаваў
Над новымі шпалерамі нямала.
Ды што ж гэта? – руплівы гаспадар
Ў вядры сядзіць, што з фарбаю стаяла.
Ні ног, ні тулава дзіцяці не відно,
Адно галоўка над вядром бялее.
Каб стаў нарэшце ён самім сабой,
Нямала церлі бедака алеем…
З тае пары прайшоў не год, не два:
Расце мой сын, бы той дубок у гаі.
Амаль ужо сапраўдны гаспадар,
Матулі ён заўжды дапамагае.
ЭКЗАМЕН НА МУЖНАСЦЬ
У сына вушкі забалелі,
Ноч за вакном, а ён – не спіць.
То іх мы чысцілі, то грэлі –
Ніяк хваробу не спыніць.
“Дарэмна па кватэры блудзіш,
Ідзі лепш выспішся як след,
Заснеш – і болю чуць не будзеш,” –
Спрабую раіць сыну ўслед.
Пакрочыў хлопчык, паслухмяна
Уклаўся спаць на ложак свой.
Але з пакоя нечакана
Пачулася – вядзецца бой!
У барацьбе з нястрымным болем
Мужчыны горкіх слёз не льюць:
Два кулачкі маленькіх бойка,
Адчайна коўдрачку таўкуць.
Цярплівы, любы мой сыночак,
Твой боль маім даўно ўжо стаў,
І гэтай доўгай-доўгай ноччу
Не раз ён сэрца мне сціскаў.
А тут дзве ручкі загадалі,
Каб сэрца поўнілі праз край,
Бянтэжылі і хвалявалі
Жаль і любоў, любоў і жаль.
На годнасць, мужнасць і цярплівасць
Экзамен цяжкі ты трымаў.
Вялікі мой малы асілак,
Яго ты на “выдатна” здаў.
Пяцелька за пяцелькай
Пяцелька за пяцелькай, за радком радок –
Меншае і меншае з ніткамі клубок.
А пруткі бліскучыя скачуць у руках.
Разам з імі лётае думка, нібы птах.
Пяцелька за пяцелькай, за радком радок –
Нітачка спяшаецца для цябе, сынок.
Будзе сына хуткага, быццам вецярок,
Грэць у дождж і непагадзь мамін світэрок.
СЛОВА НА ДАРОГУ
Ну вось, сынок, ты першы раз – у шлях.
Зрабіўся раптам незнаёма-новым:
Усхваляваным, дзёрзкім не на жарт.
Дазволь жа мовіць на дарогу слова.
Праз сто шляхоў і тысячы вятроў
Няхай заўсёды вабіць родны ганак.
Тут кожны раз, калі б ты ні прыйшоў,
З любоўю шчырай стрэне цябе мама.
Куды б цябе ні кідаў лёс-дзівак,
Не забывай вяртацца да вытокаў.
Тут – першы подых твой, тут – той абсяг,
Дзе крылы выпрастаў для дальняга палёту.
Тут, на малой радзіме, назаўжды
Кавалачак душы тваёй застаўся.
Трымаюць дрэва моцна – карані,
І гора тым было, хто іх цураўся.
Паразважай над словамі ў цішы –
Я за цябе маліцца буду Богу.
Здалёк тэлефануй, лісты пішы.
Ідзі, сынок. Анёлаў у дарогу.