Вершы. Ну вось, прыходзіць новы дзень!

поэтический порывСтихи на белорусском языке впервые попробовала писать в 1998 году, когда начала самостоятельно изучать свою «мову». До этого писала стихи только на русском: в начальных классах в Ганцевичской СШ № 2 все дисциплины преподавались на «великом, могучем», а потом наша семья вообще переехала в Сибирь, и я училась в Куть-Яхской СШ Нефтеюганского района. Разве только когда приезжала к бабушке в деревню, тогда и слышала белорусскую речь. Но она жила во мне все время и просила выхода.

Эта подборка – из самых первых белорусскоязычных стихов, моя несмелая проба почувствовать родной язык.

———————————————

Вершы на беларускай мове паспрабавала пісаць у 1998 годзе, калі пачала самастойна вывучаць сваю мову. Да гэтага пісала вершы толькі на рускай: у пачатковых класах у Ганцавіцкай СШ № 2 усе дысцыпліны выкладаліся на “вялікім, магутным”, а потым наша сям’я ўвогуле пераехала ў Сібір, і  я вучылася ў Куць-Яхскай СШ Нефцеюганскага раёна. Хіба толькі, калі прыязджала да бабулі ў вёску, і  чула сваю мову. Але яна жыла ўва мне ўвесь час і прасіла выйсця.

Гэта падборка – з самых першых беларускіх вершаў, мая нясмелая спроба адчуць родную мову.

Святлана ЛОКТЫШ

Час не прыспешвай…

                            Юнаму сябру.

Час не прыспешвай – балазе,
ўсяму прыходзіць свой чарод.
Сярод сумбуру знойдзеш брод,
што да кахання прывядзе.

І будуць радасць – цераз край,
і цішыня, і рукі, вочы,
і непаўторнасць першай ночы…
Ты толькі верна іх чакай.

Як прыкра – зноў не зразумеў…

Як прыкра – зноў не зразумеў,
Маўляў, мне гэта нецікава.
Табе кахання не хапала,
Таму і слухаць не умеў.

А ці кахаў калі, ці не –
Навошта ў гэтым разбірацца?
Няхай мне будзе хоць здавацца,
Што не прысніла ўсё у сне.

Маўчанне

Мы удваіх з табою у пакоі,
А мне здаецца, быццам я адна.
З няўпэўненасці нашай, з неспакою
Сатчэ палотны думак цішыня.

Калі, і  дзе, і як мы разышліся
З табою ў процілеглыя бакі?
Маўчым – і гэтым нібы ганарымся,
Двух адзіноцтваў ціхіх астраўкі.

 І неблагія ж людзі, і кахалі…
Глядзім варожа, быццам чужакі.
Адзін другому мы падаць не хочам
Не то што сэрца, нават і рукі.

Дзе выйсце з цішыні, з нямых папрокаў,
Ці зробім мы з табой насустрач крокі?..

Усё прайшло…

Усё прайшло: і марыць, і чакаць,
І слёзы ліць дарэмна я не буду.
Ў закутачку душы пачуцці спяць,
Бо, ведаюць, не будзе болей цуду.

Знаёмых крокаў гукаў не чуваць –
Яны пакой начны не патрывожаць.
І паварот ключа мяне пазваць,
Як некалі раней, ужо не можа.

На голас родны мой шчаслівы смех
Не адгукнецца звонкаю струною…
…І толькі Памяць – недарэчны здзек! –
Адклікнецца нясцерпнаю тугою.

Прыходзіць новы дзень

Ну вось, прыходзіць новы дзень,
І сумаваць няма прычыны.
А ад былога – слабы цень
Ды успамінаў смак палынны.

 Незразумелы твой адчай:
Ты ж сам – віноўнік перамен.
Жыві, працуй, стварай, кахай.
Глядзі – прыходзіць новы дзень!

Светлана Локтыш

Преподаватель. Журналист. Тренер. Консультант.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *