Вершы. «Бо я люблю цябе бясконца, мая матуля…»

 

uslugiНаверное, большинство начинающих поэтов в своем творчестве не обходят вниманием самых близких людей: мама, сестра, сыновья, муж… Я не была исключением.

Когда в 2008 году принесла свои стихи в журнал «Молодость», их приняли, даже напечатали, но посоветовали «расширять социальное содержание».

Со временем я его расширила, конечно. Но стихи остались, в том числе и стихотворение-размышление над сделанным мне замечанием.

————————————

Пэўна, большасць пачынаючых паэтаў у сваёй творчасці не абыходзяць увагай самых блізкіх людзей: мама, сястра, сыны, муж… Я не была выключэннем.

Калі прынесла свае вершы ў 2008 годзе ў часопіс «Маладосць», іх прынялі, нават надрукавалі, але параілі “пашыраць сацыяльны змест”.

З цягам часу я яго пашырыла, зразумела. Але вершы засталіся, у тым ліку і верш-разважанне над зробленай мне заўвагай.

Святлана ЛОКТЫШ

Аб вузкім сацыяльным змесце

Пішу пра маму, пра сыноў, каханне –
Славуты ж зазначае мне паэт:
“У вашых вершах, мілая, прабачце,
Занадта вузкі сацыяльны змест”.

Маўляў, з настаўніцкай сям’і  ніхто дагэтуль
Не абдзяляў увагай гэтых тэм,
Нібы важней няма нічога ў свеце
Ад доказу “дамашніх” тэарэм.

За слушныя заўвагі дзякуй. Толькі
На тэмы, вершы маю позірк свой:
Са звычных рэчаў, з’яў і слоў спатольных
Жанчына тчэ жыццёвы свой сувой.

Пішу не якасцямі прафесіянала,
А так, як сэрцам успрымаю свет.
Магчыма, й прыйдзе час, калі памалу
Пашыру “вузкі сацыяльны змест”.

Вышыванка

Матуліны рукі, як птушкі, лятаюць,
Здаецца, нібыта і стомы не знаюць.

 І крыжык за крыжыкам роўна кладзецца:
Як быццам гаворка аб нечым вядзецца.

 То чорны, то белы, то колер ружовы:
Здзіўляюць, уражваюць, вабяць узоры.

 Чаруюць матуліны рукі ад ранку,
Укладваюць душу ў ручнік-вышыванку.

 І ціха за ніткаю песня вядзецца:
Як цяжка ў жыцці без кахання жывецца,

Як хутка праходзяць гады маладыя,
Бы ў церам зайшлі малайцы удалыя…

 Я побач з сястрычкай малодшай гуляю.
Здаецца ж, матулю не заўважаю.

А бач ты, імчыцца на крылах-гадах
Карцінка. І сёння стаіць у вачах:

Чаруюць матуліны рукі ад ранку,
Укладваюць душу ў ручнік-вышыванку,

І сумна за ніткаю песня вядзецца –
Аб долі ўдавы нейк інакш не пяецца.

 Навука

Даўно, у дзяцінстве тое было:
Шпурляла сястра па чарзе за акно
Паперкі і гузікі, цацкі, мялкі…
Шкарпэткі ляцелі, бы два матылькі.

Забаўна малой – ці многа ёй трэба?
Чарга даплыла да кавалачка хлеба:
Чаго ж ён на месцейку бачным ляжыць?
І вось ужо хлеб той у фортку ляціць.

У шлях рыхтавалася з лялькі панама,
Ды… хлеба палёт запрыкмеціла мама…

 Не толькі сястрычцы – і мне перапала:
За тое, што ціхенька побач стаяла,
Хоць ведала – нельга рабіць так! – маўчала
І шкодзе маўчаннем сваім патурала.

 Тады мы з сястрою засвоілі добра,
Як працу належыць цаніць хлебароба,
І зведалі пра абыякавасць рана –
Якая вялікая гэта загана.

 Прызнанне

Ад лёсу жудасных вятроў,
Калі свабодна ні дыхнуць,
Мяне надзейна захінуць
Твае далоні.

А калі кінуся я ў бой
З няпраўдай, лёсу непагодай,
Мяне чакае, як заўсёды,
Твая падтрымка.

 Калі хвароба нечакана
Пачне прыдумваць свае здзекі,
Найлепшыя мне будуць лекі –
Твае слязінкі.

Настрой мой – як упарты конь,
У тыдні пятніц – цэлых сем!
Мяне ўтрымае ад праблем
Тваё цярпенне.

Калі ж цябе пачнуць марозіць
Людская зайздрасць і няўвага,
Ці закране знарок няўдала
Крыўды куля –
Мой клопат і мая пяшчота
Сагрэюць душу, нібы сонца,
Бо я люблю цябе бясконца,
Мая матуля.

Tags: ,

3 comments

  1. Al:

    Дзякуй за файныя вершы! Усяго добрага!

  2. Татьяна Саксон:

    Нават цяжка мне выказаць свае захапленне вашымі вершамі.
    Незразумела мне, чаму яны атрымалі такую заўвагу. І нават крыўдна.
    Мы ва ўніверсітэце і не такія вершы вывучалі. А увогуле скіраваныя на аднаго чалавека так, что больш ні да каго яны не успрымаюцца. А ў вас вось вы быццам пра сваю матулю пісалі, а адчуванне, что перада мной паўстае вобраз любой сялянкі-матулі. Вось вы і не зусім пра сястру пісалі, а больш пра тое, як патрэбна хлеб шанаваць.
    Вершы не толькі захапілі, а быццам адправілі мяне туды, у далекае Ўчора, дзе па-сямейнаму ўтульна.
    Верш «Навука» я бы ўвогуле дзецям чытала і мы б яго разбіралі і вучыліся.
    Калі верш успрымаецца не адным чалавекам, а кожны можа паставіць сябе на места аўтара — гэта ўжо Паэзія з вялікай літары! Апошні верш (Прызнанне) — чым не такі!?

    • Танечка, ведаеце, я гэтаксама думала, калі была ў вашым узросце. Бачыце, нават крыху пакрыўдзілася — сведкай першы верш.
      А пазней зразумела сапраўднага Паэта, які даваў мне парады і крытыкаваў, і пашырыла «сацыяльны змест». Пакуль гэта цяжка вам растлумачыць, бо ўсё ніяк не збяруся зрабіць падборкі і выкласці больш познія свае вершы. Калі нарэшце зраблю гэта, вы ўзразумееце, што крытыка была недарэмнай. А галоўнае (сёння я разумею гэта) — калі мае вершы крытыкавалі, трацілі на мяне свой час, значыць, ведалі, што можа нешта атрымацца, што не зусім «пустая».
      Таму тады я — крыўдзілася, сёння — бязмерна ўдзячна.
      Дарэчы, крытыкаваў Віктар Гардзей — мой зямляк, з якім (і з жоначкай таксама) зараз мы ў вельмі добрых зносінах! Я ганаруся, што сябрую з такімі людзьмі. З цягам часу Віктара канстанцінавіча прызнаюць класікам. Ды што прызнаюць! — ён ужо класік! Пачытайце яго творы — і вы ўсё зразумееце!
      А за цёплы водгук я вам вельмі ўдзячна. І рада, што закранула стрункі вашай душы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *