Басанож па Чырвонай плошчы (апавяданне)

raskaz-krasnaya-ploschadЕщё один из «марафонских» рассказов«Босиком по Красной площади». Публикую сначала на белорусском языке (как писала). Ниже по ссылке можно перейти на страницу с переводом этого рассказа на русский язык.  

Басанож па Чырвонай плошчы

Ці даводзілася каму прайсціся басанож па Чырвонай плошчы?

– Гэта дурасць, – пэўна, абурыцеся вы. – Ды і немагчыма такое!

– Калі інакш нельга, яшчэ як магчыма! – адкажу я. Таму што асабіста заўважана ў такім учынку.

Было гэта, праўда, яшчэ за савецкім часам. Наша сям’я з трох чалавек (мама, я і малодшая сястра) жыла тады ў Сібіры, пад Нефцеюганскам. У той год мы сабраліся летам з’ездзіць дамоў, у Беларусь. Разам з намі вырашылі ехаць і маміна сястра з мужам.

Каб чытачы мелі нейкае ўяўленне пра ўсіх нас, варта, думаю, расказаць патрохі пра кожнага.

Маму завуць Марыя. На той час яна каля дзесяці гадоў была ўдавой: прысвяціла ўсю сябе нам з сястрой. Дарэчы, і за свет выправілася, каб зарабіць грошай, якіх хранічна не хапала. Маленькага росціку, стройная, спраўная, прыгожая з твару беларусачка гадоў трыццаці пяці, якая заўсёды сачыла за сваёй знешнасцю і лічыла за лепшае купіць адзін-два прыгожых, дарагіх і модных нарады замест мноства танных.

Сястры мінула гадоў дзесяць. Танюша таксама любіла і ўмела апранацца прыгожа і не цуралася патрабаваць тое, што ёй прыглянецца на магазіннай паліцы. Халерык па натуры, сястра вылучалася няўрымслівасцю і непасрэднасцю.

Я ж была якраз таго самага няскладнага ўзросту, калі рукі і ногі хутка вырастаюць доўгімі і ты не ведаеш, як з імі ўпраўляцца, тулава таксама выцягваецца, але яго акругласці толькі-толькі намячаюцца. Даволі сарамлівае і няўпэўненае ў сабе дзяўчо-падлетак. У мяне было шмат жаданняў, але я ніколі іх не агучвала – шкадавала маму, якая цяжка працавала. Таму нават вопратку насіла на яе выбар.

Цёцю Галю я ахарактарызавала б як статную паненку гадоў трыццаці двух, сярэдняга ўзросту і прыемнай паўнаты, якой таксама падабалася апранацца дорага, модна, ярка і бачыць каля сябе з іголачкі апранутага мужа. Тым больш, што дзяцей на той час у іх з дзядзям Сашам яшчэ не было, а грошай хапала.

Вось такой вясёлай, дружнай і разнашэрснай кампаніяй адным з летніх дзянькоў мы адправіліся ў Беларусь.

Дарога прадбачылася доўгая, нас чакалі прыпынкі ў Цюмені, Маскве і Баранавічах. На кожным было па некалькі гадзін вольнага часу, пакуль чакалі цягнікоў, на якія трэба было перасядаць. Кожны прыпынак да гэтага часу нечым запомніўся.

У Цюмені, напрыклад, купілі на базары вялізную дыню. Ніхто з нас дагэтусь яе не еў. А тут, бачым, усе бяруць – ну, і мы вырашылі пакаштаваць заморскае дзіва. Выбралі ў мужчыны каўказкай нацыянальнасці авальны жаўтавата-шэры шурпаты плод і накіраваліся на вакзал. Да цягніка часу заставалася няшмат, але хапала, каб паласавацца дыняй.

Гэта цяпер нас ужо нічым не здзівіць: ананасы, дыні ды бананы ямо не радзей за яблыкі, смакавалі і рамбутаны з дурыянамі. А тады дыню купіць – купілі, а як есці – не папыталі. Парэзалі на кавалкі, як атрымалася, і кожны загадаў жаданне: кажуць жа, калі нешта ўпершыню есці збіраешся, яно павінна здзейсніцца. Дык вось, загадалі… укусілі… і скрывіліся.

Па праўдзе сказаць, і сёння не магу даўмецца: чаму ніводнаму з нас пяцярых не спадабалася мякаць, якая цяпер прыводзіць мяне ў поўнае захапленне? Факт у тым, што нарэзаныя кавалкі разам з непарэзанай часткай дыні мы выкінулі ў сметніцу каля вакзальнага будынку. Шмат часу мінула, а мне і сёння шкада тае дыні.

Прыпынак у Баранавічах запомніўся тым, што дзве гадзіны, пакуль мы чакалі другога цягніка, цягнуліся як дваццаць. Да дому ехаць заставалася ўсяго нічога, карцела хутчэй убачыць дарагія сэрцу вулачкі і твары родных. А тут прыйшлося столькі чакаць! Менавіта тады я зразумела, што такое настальгія па радзіме, і адчула яе да шчымливага суму ў сэрцы.

Але найбольшыя ўражанні засталіся ад прыпынку ў Маскве. Паміж цягнікамі часу было гадін восем.  І ўся наша кампанія накіравалася ў цэнтр. Зайшлі ў музей, які трапіў па дарозе, паглядзелі на помнікі і фантаны, наеліся пламбіру з вялікіх стаканаў (таксама было дзівам для савецкіх правінцыялаў). І не настолькі стаміліся, наколькі мама, цётка Галя ды я да крывавых мазоляў нацёрлі басаножкамі ногі. Мы ледзь ішлі.

Паспрабавалі сунуцца са сваёй бядой у бліжэйшыя крамы. З больш-менш прыстойнага абутку, які спрабавалі насунуць на змучаныя ногі, не знайшлося ніводнай пары, якая б дала магчымасць уздыхнуць з палёгкай і пашпацыраваць далей. Тады вырашылі зайсці ў ГУМ, які (наколькі мне цяпер помніцца) размяшчаецца непадалёк ад Чырвонай плошчы. Не згадаю ўжо, каму прыйшла ў галаву ідэя-фікс – купіць дамашнія тапачкі, але яна спадабалася і тут жа была адобрана ўсімі.

Такога вялізнага магазіна мы з сястрой яшчэ не бачылі: аддзелы, аддзелы, пасля нейкія пераходы, лесвіцы і зноў аддзелы, у якіх чаго толькі не было! Памятаю, мяне ўразіў і заваражыў агромністы дах-купал ці то са шкла, ці то з пластыка. Мая і сястрына галовы круціліся, быццам на шарнірах, і мама старанна сачыла, каб мы не згубіліся: быў такі сумны вопыт у сям’і – два гады назад згубіўся ў кіеўскім метро наш стрыечны брат Юрка.

Не магу не расказаць пра гэты выпадак, калі ўжо згадала. Тым больш, з савецкіх часоў я не памятаю, каб мы калі яшчэ выпраўляліся ў госці вялізнымі кампаніямі. Цяпер калі і едзем мы ці да нас у госці, дык адін-два, ну, няхай сабе тры чалавекі. А тады ці то час іншы быў, ці то нашы бацькі – маладыя, камунікабельныя, але ездзілі па колу Беларусь – Расія – Украіна цэлымі сем’ямі, бывала, і не па адной. І як было весела!

Адпачыць у Адэсе, а пасля – пагасціць у Кіеў да цёткі адправіліся цётка Галя з дзядзькам Сашам, мая хрышчоная з мужам і дзецьмі ды мама выправіла нас з сястрой.

У Адэсе тыдзень ці два мы гулялі, купаліся ў лімане і на моры, плавалі на параходзе, хадзілі на экскурсіі. Дарослыя вёдрамі куплялі вінаград, персікі і абрыкосы, якія тады каштавалі нішчымныя капейкі, – напаўнялі нашы дзіцячыя арганізмы карыснымі вітамінамі.

Пазней да нашай суполкі далучылася яшчэ радня. У выніку, калі мы выпаўзлі з Жулянаў на прагулку па Кіеву, нас налічвалася шасцёра дарослых і пяцёра дзяцей, з якіх я была – старэйшая, астатнія – адно за другога на год-два малодшыя, і Юрка завяршаў шэраг.

Вялікі горад – не правінцыя, дзе дамоў, вуліц і людзей раз-два і аблічыўся. Кіеўская цётачка (дарэчы, яшчэ тая гумарыстка!) паўсюль, куды б ні накіроўваліся, пералічвала нас па галавах. Узбіраемся мы, напрыклад, у тралейбус, яна сваім шырокім целам і ўладным жэстам рукі адсуне ад дзвярэй асабліва заўзятых ды шустрых чужакоў і скамандуе:

– Мае, заходзь!

Мы, дарослыя і дзеці, стройным ланцужком і пацягнемся ўнутр транспартнага сродку. А цётачка пільна сочыць, каб хто чужы не “зацясаўся”, і ўслых лічыць:

– Адзін, два, тры… пяць… адзінаццаць.

Са словам “адзінаццаць”, маючы на ўвазе сябе, яна ўваходзіць следам.

І трэба ж такому здарыцца, што, калі прыйшла чарга садзіцца ў цягнік метро, кіеўская цётачка не далічылася дзясятае галавы – свайго сына Юркі!

Мы ўсе павыскаквалі з вагона. Самаму спакойнаму дзядзьку-беларусу даручылі пільнаваць дзяцей, а астатнія дарослыя рассыпаліся ў пошуках прапажы. Праз паўгадзіны дарослыя дамовіліся сысціся на гэтым жа месцы. Але кіеўскія міліцыянеры прыстараліся шпарчэй: праз колькі часу пад скляпеннем метро раздаўся дыктарскі голас. Ён абвяшчаў, што ў пакоі міліцы знаходзіцца хлопчык пяці гадоў, які назваўся Юркам, і прыкметы яго дакладна супадалі з прыкметамі нашага Юрася.

Дык вось, памятаючы гэты выпадак і дзіўную здольнасць дзяцей і падлеткаў губляцца ў шумных людных месцах, у маскоўскім універсаме мама старалася не спускаць з мяне і сястры вачэй. Старалася, але, зразумела, ногі смылелі, вакол круціўся, насіўся і гаманіў людскі муравейнік. Пры гэтым усе мы стараліся паспяваць за аматарам і заўсёднікам вялікіх магазінаў, цёткай Галяй, якая добра арыентавалася ў аддзелах і хутка шпацыравала з аднаго ў другі. Карацей, увага наша час ад часу рассейвалася. Да таго ж, заўсёды здараецца так: чаго вельмі баішся, тое абавязкова спраўджваецца.

На гэты раз згубілася Танюша. І вось як тое атрымалася.

Па ГУМе, як я ўжо казала, мы насіліся ў пошуку дамашніх тапачак трох памераў: для цёткі, мамы і мяне. Памятаю сібірскі спакой дзядзькі Сашы, які, па ўсім было відаць, прывык да падобных пошукаў свайго “Галчонка” (так іншы раз ён называў жонку). Мама абуралася (на мой погляд, законна і абгрунтавана):

– Вось дык справы! Такая вялізазная крама, дзясяткі тысяч неабходных і не надта рэчаў.  А таго, што пазарэз трэба, няма! Нейкіх тапачак… простых… звычайных…

– А яшчэ кажуць, што краіна “вялікая і магутная”! – падтаквала цётка і дадавала з’едліва. – Настолькі  магутная, што дэфіцыт на дэфіцыце. Ганьба!

У разважаннях і абурэннях мы пранесліся па некалькіх аддзелах, перш чым заўважылі, што знікла Танюша. Яна ўвесь час круцілася каля дзядзі Сашы, і ён спачатку спакойна адрэагаваў на тое, што нехта ўзяў яго пад руку. Другой рукой паспрабаваў накрыць дзіцячую далонь і адчуў, што яна зусім не дзіцячая. Зірнуў направа – і аслупянеў: побач ішла незнаёмая жанчына. Яна таксама глянула на яго і зніякавела:

–  Прабачце, я думала, гэта муж…

У той жа момант да іх падляцела цётка і зласліва прасіпела:

– А гэт-т-та яшчэ хто?

Тлумачыць, што да чаго, і апраўдвацца дзядзьку Сашу не было калі. Ён лыпаў вачыма, шалёна круціў галавой і пытаўся:

– Дзе… Дзе Таня? Не бачылі? Толькі што была… і няма…

Мы зразумелі, што да чаго, таксама заазіраліся наўкола. Невядомая жанчына, ад граху далей, непрыкметна растварылася сярод людзей.

– Стойце тут, каб вас яшчэ не шукаць! – нарэшце загадаў дзядзька і кінуўся на пошукі.  Карыстаючыся сваім высокім ростам як перавагай над большасцю пакупнікоў гандлёвага гіганта, ён панёсся па аддзелах, дзе мы пабывалі, раз-пораз заглядваючы на лесвіцы і на вялікую пляцоўку пад купалам, дзе туды-сюды снавала процьма народу.

Дзесьці ў гэты ж час сястра таксама агледзелася, што згубілася. Дзіва што! – у аддзеле жаночай бялізны яна твар у твар сутыкнулася з экзотыкай: упершыню ў жыцці ўбачыла чорнага-прачорнага чалавека. Танюша спачатку шырока распахнула вочы і рот: негр прыязна ўсміхнуўся ў адказ. Яна асцярожна абышла дзіўнага дзядзьку збоку, ззаду, спераду, зазірнула ў твар. Той засмяяўся, і дзяўчынка ўбачыла белыя, роўныя, як бусіны на пацерках, зубы. Потым уважлівым дзіцячым позіркам згледзела і ружовыя далоні, якімі чорны чалавек абняў такую ж чорную жанчыну, якая падышла да яго.

Дзіўны дзядзька памахаў ружова-чорнай рукой і разам з чорнай жанчынай схаваўся ў натоўпе.

Танюша ачомалася, пашарыла вачыма вакол сябе, не ўбачыла знаёмых твараў і зразумела, што згубілася. Ад страху кінулася бегчы куды вочы глядзяць. Кругляшом жвавай ртуці прабіралася паміж ног дарослых, іншых распіхвала вострымі локцікамі, вызваляючы сабе дарогу, і шустрым малым верталёцікам няслася далей. Чым даўжэй яна бегла, тым хутчэй  перад вачамі праносіліся лесвіцы з парапетамі, аддзелы, сумкі і людзі, пакуль яе не злавіў у свае абдымкі дзядзька Саша, які да гэтага часу ад страху і хуткіх прабежак узмакрэў не менш, чым яго дарагая прапажа.

Няма чаго й гаварыць, наколькі радаснай была сустрэча. Збянтэжаная мама выцірала слёзы, абдымала сястрычку і прасіла нас абодвух:

– Калі яшчэ раз хто з вас згубіцца, стойце на месцы. Чакайце, мы самі знойдзем вас. Не трэба бегаць па паверхах. Дамовіліся?

На жаль, другі наш праект, з пошукамі дамашніх тапачак, аказаўся не такім удачным. Яшчэ крыху пабадзяжыліся па аддзелах, але безвынікова.

Калі нарэшце выкараскаліся з універсама, дзядзя Саша і сястрычка былі стомленыя, але не знясіленыя абуткам, затое цётка, мама і я ледзь не плакалі. Кожны крок распухлых ног у цесных басаножках здаваўся здзекам.

Тым не менш, ніхто не збіраўся адмаўляцца ад мары пабываць на Чырвонай плошчы, якая з захаду прываблівала Спасскай вежай Крамля, з поўначы – залатымі купаламі Казанскага Сабора, з поўдня – рознакаляровымі Сабора Васіля Блажэннага.

Найбольш смелая з нас, цётка Галя, крыху павагалася, потым з палёгкай уздыхнула, першая зняла цесны абутак і пайшла па адпаліраванай да бляску брусчатцы босая, на хаду апраўдваючы сябе:

– Чаго я павінна мучыцца… Калі ніхто ў маёй краіне не паклапаціўся пра маю зручнасць, я зраблю гэта сама!

Не згаворваючыся, мы з мамай таксама разбуліся, і хутка ўжо ўтраіх басанож шпацыравалі па плошчы. Дзядзька Саша і Танюша заявілі, што ім за нас сорамна, хоць скрозь зямлю праваліся.

– Вы сабе як хочаце, а мы вас быццам не ведаем, – нарэшце вырашылі яны. Мы абыякава паціснулі плячыма. Яны адышліся крыху і пачалі старанна рабіць выгляд, быццам гуляюць самі па сабе.

Людзей, як на тое, было шмат. Сярод іх знешнасцю і чужой гаворкай вылучаліся іншаземцы. Некаторыя пахапалі свае фатаапараты – і давай наводзіць на нас аб’ектывы ды пстрыкаць.

Дзядзька Саша час ад часу выбіраў зручны момант і спрабаваў ушчуваць:

– Вось надрукуюць гэтыя фатографы вашы здымкі ў буржуйскіх часопісах ды газетах, будзеце ведаць!

– Ну і што, няхай сабе надрукуюць, ­– спакойна адказвала цётка. Чалавек бывалы, які прывучаны да публікі і вельмі любіць сваю асобу, яна была нават рада трапіць на старонкі выданняў.

– Гэта ж, пэўна, думаюць, што ў нашай краіне няма абутку! – ледзь не стагнаў дзядзька.

Цётка задзірліва закідвала галаву:

– А хіба ёсць? Тапачак не знайсці!

Дзядзька не здаваўся:

– Буржуі вырашаць, што ў Савецкім Саюзе адны жабракі жывуць. Басанож – па Чырвонай плошчы! Вы б яшчэ лапці напялілі…

raskaz-moskva-bosikomПазіруючы, цётка Галя крыху нахіліла галаву перад фотакамерай чарговай іншаземкі, чароўна ўсміхнулася прама ў аб’ектыў і прыгожанька падняла руку з басаножкамі. Калі фатограф адышла, яна адказала мужу:

– Туфлі ў нас у руках: не сляпыя, бачаць, што мы – не галота-басота якая-небудзь.

Мы з мамай падтакнулі і горда выцягнулі наперад рукі з басаножкамі перад камерай чарговага іншаземнага фатографа.

Дарэчы, міліцыянеры нас пасля таго выпадку не чапалі і супрацоўнікі спецслужбаў не вышуквалі. Затое ёсць што ўспомніць.

Але цяпер мяне цікавіць: куды трапілі тады шматлікія фотаздымкі з нашымі босымі нагамі на фоне крамлёўскіх сцен, Маўзалея Леніна і помніка Мініну і Пажарскаму? І яшчэ: магчыма, не так сабе проста пачалі разбувацца знакамітасці. То Джулія Робертс басанож прагулялася па дарожцы Канскага фестывалю, то Анжэліка Варум на сцэну без абутку выйшла, то наша Іна Афанасьева ў пляс пусцілася… Не выключана, што завадатарамі гэтай басанож-моды стала наша “тройка”. Няхай сабе і вымушана.

А вы яшчэ будзеце гаварыць, што немагчыма прайсціся басанож па Чырвонай плошчы…

Магчыма! Калі прыспічыць.

  • Рассказ «Босиком по Красной площади» на русском языке –  ЗДЕСЬ

Также предлагаю почитать рассказы:

Приятного чтения!

18 comments

  1. Светочка, а что такое Жулян?
    Тапочки в ГУМе не купили, а стёртые ноги болели так, что было лучше идти босиком, чем в босоножках.

  2. Кому- как, а у меня этот рассказ вызвал ностальгию до слез по советскому времени. Это то время, когда беспрепятственно передвигались по всей территории Советского Союза, бронировали места на железнодорожные билеты за 45 суток- я помню это отчетливо, и, будучи детьми, вычеркивали дни в календаре до отпуска. А они так долго тянулись, эти дни до отпуска, и радовались за тех и вместе с теми, кто в отпуск отбывал раньше. Потому что жили в маленьком поселке » без удобств», и все рвались в отпуск. И детство классное. Благодарю, сестренка, за нахлынувшие воспоминания! » Боже, как давно это было! Помнит только мутной реки вода!» И песня эта тоже родом из почти детства.

    • Светлана Локтыш:

      Угу, давно… И ностальгия… А про дни, которые вычеркивали из календаря, я и забыла… Надо будет где-то использовать, хорошо, что напомнила, Танюшка.

  3. Shiawase:

    Любопытно, что было дальше…
    И так интересно читать такую автобиографическую историю! Жду продолжения. 😉

  4. Анна:

    Много раз я бывала на Красной площади, но ни разу даже в голову не пришла мысль пройтись по камням этой площади босиком.
    Рассказ очень интересный. Хочу узнать продолжение Ваших приключений.

  5. Ольга Андреева:

    Интересный рассказ, Светлана.В детстве тоже часто ездили к бабушке через Москву, приходилось с одного вокзала на другой переезжать. Семья большая: мама, папа, нас пятеро, все разного возраста. Приключений достаточно было.
    Иду дальше читать рассказ.

    • Светлана Локтыш:

      Ух ты, «нас пятеро»… Для меня такая большая семья — всегда чудо.

  6. Алина:

    С огромным интересом прочла историю, спасибо, люблю читать подобные рассказы из жизни. Советского союза я уже не застала, да и в России, а тем более в Москве, бывать не приходилось.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *